ЛЁЗНЕНСКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1993 у г.п. Лёзна Віцебскай вобл. Пл. экспазіцыі 307 м², больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў стараж. прадметы побыту і прылады працы, у т.л. з археал. раскопак на тэр. Лёзненшчыны, матэрыялы па гісторыі буйных нас. пунктаў раёна, пра рэв. рух 19 — пач. 20 ст., падзеі грамадз. вайны, індустрыялізацыю і калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу; дакументы і матэрыялы пра выдатных землякоў акад. П.І.Альсміка, М.А.Ізобава, оперную спявачку Л.Р.Ганеставу, Герояў Сац. Працы, воінаў-інтэрнацыяналістаў і інш. Значнае месца займаюць матэрыялы пра Вял. Айч. вайну: абарончыя і вызв. баі, дзейнасць падполля і партыз. рух, удзел у вайне воінаў-землякоў; завяршае экспазіцыю мемар. зала «Памяць». Экспануюцца таксама нар. касцюмы, вышыванкі, керамічныя цацкі і інш.
Л.Г.Бараноўская.
т. 9, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)